.

МЕНЮ

.

Дапаможнік «Беларуская мова як замежная. Дапаможнік па аўдыяванні = 白俄罗斯语视听说教程»

«Беларуская мова як замежная. Дапаможнік па аўдыяванні = 白俄罗斯语视听说教程» (аўтары – В.В. Шахаб, К.С. Шахаб-Касцецкая, У Бо, Лю Івэнь, Фу Мэйянь) выйшаў з друку ў выдавецтве “Вышэйшая школа” ў канцы 2023 года. Дапаможнік распрацаваны беларуска-кітайскім калектывам Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў і з’яўляецца другім у серыі вучэбных выданняў для кітайскіх студэнтаў па розных аспектах навучання беларускай мове.

Аўтары кнігі зыходзяць з таго, што асноўнай умовай паспяховага развіцця маўлення кітайскіх студэнтаў з’яўляецца наяўнасць сталага маўленчага асяроддзя, дзе ўзнікае неабходнасць у суразмоўніцтве. У гэтым кантэксце найлепш стымулюе вучэбную маўленчую дзейнасць навучэнцаў менавіта аўдыявізуальны курс беларускай мовы, ці аўдыяванне. Яно не толькі забяспечвае кіраванне працэсам навучання, але і выкарыстоўваецца для знаёмства з новым моўным і маўленчым матэрыялам, павышае эфектыўнасць адваротнай сувязі ў працэсе камунікацыі. Аўдыяванне выконвае свайго роду кампенсаторную функцыю пры адсутнасці натуральнага актыўнага маўленчага кантэксту. Улічваючы складанасць аўдыявання як віду маўленчай дзейнасці і арыентуючыся на актуальную сёння ўзроўневую мадэль навучання замежным мовам, яго неабходна ажыццяўляць перманентна, на працягу ўсяго перыяду навучання.

У якасці асновы для навучання аўдыяванню выкарыстаны звязныя вучэбныя і арыгінальныя адаптаваныя і неадаптаваныя, спецыялізаваныя і неспецыялізаваныя аўдыя- і відэатэксты, якія праз знаёмыя студэнтам сітуацыі пагружаюць іх у лінгвакультаралагічны кантэкст. Заданні да тэкстаў арыентаваны на распазнаванне фанетычных слоў у маўленчай плыні, засваенне рытміка-інтанацыйных асаблівасцей беларускага маўлення, выяўленне камунікатыўнага плана тэксту, выяўленне значэнняў слоў у кантэксце, прагназаванне і асэнсаванне сэнсу тэксту ў цэлым і асобных яго частак; выяўленне першаснай і другаснай інфармацыі; развіццё аператыўнай памяці навучэнцаў; распазнаванне эмацыянальна-экспрэсіўнага кантэксту.

Кніга арыентавана на сертыфікацыйныя ўзроўні В1-С2. Пададзены шэсць тэм, заданні ў якіх паступова ўскладняюцца. Матэрыял суправаджаецца актуальным аўдыявізуальным дадаткам, частка якога змяшчаецца на дыску, адкрываецца праз QR-коды, а другая частка маецца ў свабодным доступе ў інтэрнэце.

Дапаможнік прызначаны для кітайскіх студэнтаў-беларусістаў і ўсіх зацікаўленых.

вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

Кантакты

e-mail: portal@adu.by 

Графік працы:
панядзелак-пятніца: 08:30–17:00,
абед: 13:00–13:30

Выкарыстанне матэрыялаў партала