.

МЕНЮ

.

Міжкультурны дыялог. Воркшоп-прастора «Я пазнаю Кітай»

Яго адкрыццё звязана з вынікамі леташняга анкетавання вучняў з нагоды вывучэння замежных моў. Больш за палову рэспандэнтаў выказалі цікавасць да кітайскай у якасці асноўнай і другой замежнай мовы. Так пачалася актыўная работа ў гэтым напрамку, каб ажыццявіць мары хлопчыкаў і дзяўчынак.

Прафесійную падтрымку ў міжкультурным дыялогу аказвае Цэнтр кітайскай мовы і культуры Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова. Яго кіраўнік, Лілія Генадзьеўна Зайцава, арганізоўвае для гімназістаў майстар-класы, якія праводзяць валанцёры з КНР. Так, на мінулым тыдні, напярэдадні кітайскага свята Месяца і ўраджаю «Чжунцю», яны наведалі ДУА «Гімназія г. Мсціслава» і зладзілі воркшопы «Кітайская каліграфія», «Гохуа. Кітайскі жывапіс», «Гастранамічны Кітай» і «Музычная гасцёўня».

Стратэгія міжнароднага супрацоўніцтва ў беларуска-кітайскім напрамку праяўляецца сёння ў многіх сферах дзейнасці нашай дзяржавы. Не выключэннем стала і адукацыя. Дзякуючы міжкультурнаму дыялогу рэалізуюцца новыя сумесныя праекты і адкрываюцца прафесійныя перспектывы для вучняў, якія ў хуткім часе стануць студэнтамі, а затым і кваліфікаванымі спецыялістамі. Першая і вельмі важная прыступка ў гэтым працэсе – гэта, вядома, школы. Яны заўсёды імкнуцца ісці ў нагу з часам. Хоць для рэгіёнаў часам досыць няпроста ажыццявіць усё задуманае, але жаданне рухацца наперад дае добры стымул і свае вынікі.

На самай справе, гімназія г. Мсціслава даўно была зацікаўлена ў міні-лабараторыі па вывучэнні кітайскай мовы і культуры. Спачатку адкрыўся маладзёжны цэнтр, у якім дзеці змаглі б развіваць свае здольнасці, праводзіць з карысцю вольны час і прымаць удзел у розных конкурсах. А стварэнне тэматычнай воркшоп-прасторы «Я пазнаю Кітай» аб'яднала практычна ўсіх гімназістаў. Яны на працягу мінулага года рэалізоўвалі свае творчыя ідэі. Фота, малюнкі, скульптуры, вырабы, відэа-сюжэты на кітайскую тэматыку настолькі хутка ўкараніліся ў працэс навучання, што стала зразумела адно: кітайская мова і культура – гэта наша наступная адукацыйная ніша.

Значнай падзеяй для гімназіі стала таксама перамога вучаніцы 11 класа Юліі Смаляковай у Міжнародным конкурсе праектаў «Беларусь і Кітай: мост у будучыню». З'явіўся новы стымул актывізаваць міжкультурнае ўзаемадзеянне. Так узнікла аб’яднанне па інтарэсах «Кітаязнаўства». Тут дзеці набываюць краіназнаўчыя, моўныя і культурныя веды пра Кітай. Але больш за ўсё ім падабаюцца практычныя заняткі ў магілёўскім Цэнтры кітайскай мовы і культуры, якія праводзяць носьбіты мовы.

Незабыўным падарункам на пачатку гэтага навучальнага года сталі адукацыйныя воркшопы на базе гімназіі, якія правялі кітайскія студэнты-валанцёры У Хао, І Пэн, Цілэ Мугэ з МДУ ім. А. А. Куляшова. Каліграфія, жывапіс, гастраномія, музыка пашырылі краіназнаўчыя веды пра Паднябесную.

                                                             
 
                                                           
 
– Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, расказваць ім пра сваю краіну і яе культуру, – кажа У Хао. – Сёння я атрымаў масу станоўчых эмоцый і вельмі рады, што вашы гімназісты хочуць вывучаць кітайскую мову. Мы адкрытыя для супрацоўніцтва і міжкультурнага дыялогу.

– Я захапляюся кітайскай каліграфіяй даўно, – расказвае Аляксандр Палякоў, вучань 10 класа. – У гэтым мне дапамагаў Інтэрнэт. Але гэта ніяк нельга параўнаць з сённяшнімі практычнымі заняткамі. Дзякуй усім, хто да нас прыехаў. Адзін дзень – і столькі карыснай інфармацыі.

   

Дзень кітайскай мовы і культуры прайшоў у атмасферы ўзаемаразумення і пазнавальнай актыўнасці.

Наталля Пратасевіч,
кіраўнік аб'яднання па інтарэсах «Кітаязнаўства»
ДУА «Гімназія г. Мсціслава»

вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

Кантакты

e-mail: portal@adu.by 

Графік працы:
панядзелак-пятніца: 08:30–17:00,
абед: 13:00–13:30

Выкарыстанне матэрыялаў партала