.

МЕНЮ

.

Як папулярызуюць беларускую мову ў Кітаі

Цэнтр Якуба Коласа быў адкрыты ў 2019-м падчас фестывалю беларускай культуры, прымеркаванага да Года адукацыі Беларусі ў Кітаі. Яго мэты пашырэнне сувязей нашых краін у сферы навукі і адукацыі, папулярызацыя беларускай культуры і прафесійная падтрымка педагогаў-беларусістаў у Кітаі. Дырэктар цэнтра запрошаны прафесар Т’еньдзінскага ўніверсітэта замежных моў Вольга Васільеўна Шахаб.

За восем гадоў існавання цэнтра падрыхтавана шмат сучасных вучэбных матэрыялаў для кітайскіх студэнтаў. Сумесна з вядучымі навукоўцамі Акадэміі адукацыі і кітайскімі калегамі распрацавана калектыўная манаграфія «Тэарэтыка-метадычныя аспекты навучання беларускай мове кітайскіх студэнтаў». Выйшла хрэстаматыя «Краіназнаўства Беларусі», якая выда­дзена ў Кітаі і ўключана ў серыю «Нацыянальныя ўмовы і культура краін “Пояса і шляху”». Выдадзены шэраг вучэбных дапаможнікаў па розных аспектах навучання беларускай мове. Супрацоўнікі цэнтра неаднаразова прымалі ўдзел у навуковых даследаваннях найвышэйшага ўзроўню, напрыклад, у праекце філасофскіх і грамадскіх навук Т’еньдзіня «Актуаль­насць і перспектыва абмену кітайскай і беларускай літаратурай у межах ініцыятывы “Адзін пояс адзін шлях”» і іншых. Праведзены чатыры міжнародныя навуковыя канферэнцыі з удзе­лам універсітэтаў і навуковых арганізацый-парт­нёраў Беларусі, два ўсекітайскія інтэлектуальна-творчыя конкурсы «Ад Сінявокай да Паднябеснай». Надрукавана звыш 40 артыкулаў па тэорыі і методыцы навучання беларускай мове як замежнай, перакладазнаўстве. Сумесна з беларускімі аспірантамі зроблены перак­лад на беларускую мову пяці кніг серыі «Ключавыя канцэпты кітайскай думкі і культуры». Выданне падрыхтавана ў межах супрацоўніцтва Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа з Т’еньдзінскім універсітэтам замежных моў пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. А ў 2020-м быў зроблены пераклад матэрыялаў для замежнікаў аб мерах засцярогі пры пандэміі, перакладалі і агучвалі відэаролік аб барацьбе супраць эпідэміі ў Кітаі.

Студэнты Т’еньдзінскага ўніверсітэта замежных моў пішуць работы параўнальнага характару па міфалогіі, абрадах, літаратуры, гендарных традыцыях Беларусі і Кітая. Штогод ва ўніверсітэце праходзіць свята нацыянальных культур і кітайская моладзь апранае беларускае нацыянальнае адзенне, дапамагае беларускім калегам працаваць на стэндзе.

Ёсць навучэнец, які цудоўна піша на беларускай мове ён неаднаразова прэзентаваў свае каліграфічныя работы беларускім гасцям. Адна са студэнтак вырабляе беларускіх лялек, з аншлагам праводзіць майстар-класы. Студэнты і выпускнікі факультэта атрымалі больш за 30 узнагарод на міжнародных беларусазнаўчых конкурсах.

Некаторыя студэнты сутыкаюцца з цяжкасцямі пры перакладзе твораў Якуба Коласа на кітайскую мову. Цяжкасць заключаецца не толькі ў багатым моўным матэрыяле, але і ў філасофскім змесце алегарычных апавяданняў. Пры перакладзе неабходна заха­ваць муд­расць аўтара. Таксама выконваюцца коласазнаўчыя дыпломныя даследаванні, сярод якіх пераклады «Казак жыцця» і іншых апавяданняў. У цяперашні час паступова пашыраюцца гарызонты дзейнасці: студэнты перакладаюць творы розных беларускіх аўтараў.

Замежныя мовы ў Кітаі расцэньваюцца як сродак забеспячэння міжнацыянальных кантактаў. Дзяржава і грамадства ўсвядомлена пашыраюць кола магчымасцей для свайго бізнесу, эканамічнага ўплыву сваёй краіны за яе межамі (мова гэта мяккая сіла) і ўзаемавыгаднага абмену спецыялістамі. Кітайская мо­ладзь успрымае вывучэнне шматлікіх моў, сярод якіх і беларуская, як магчымасць прыносіць карысць сваёй дзяржаве, шанс для ўласнага ўдасканалення і перавагу пры працаўладкаванні.

Сёння ў Кітаі веданне замежных моў становіцца ўсё больш запатрабаваным, бо гэта перш за ўсё эканоміка: гандаль, будаўніцтва, развіццё прамысловасці, гуманітарныя праекты, рэклама.

У 2024 годзе Т’ень­дзінскі універсітэт далучыўся да кластара «Развіццё моў і рэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю» ў межах Беларуска-Кітайскай асацыяцыі ўніверсітэтаў. Асноўныя напрамкі дзейнасці навуковыя даследаванні, адукацыйныя абмены, інтэграванне ў навучанне найноўшых педагагічных тэхналогій, у тым ліку з выкарыстаннем штучнага інтэлекту, правядзенне конкурсаў і фестываляў, анлайн-лекцый з вядучымі беларускімі спецыялістамі ў галіне навукі, адукацыі і культуры і іншае. Сумесна з Акадэміяй адукацыі Беларусі падрыхтаваны да выдання ў 2025 годзе зборнік кантрольна-вымяральных матэрыялаў па ўсіх аспектах маўлення. Плануецца выданне зборніка апавяданняў Якуба Коласа для дзяцей у перакладзе на кітайскую мову сумесна з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа, хрэстаматыі па беларускай літаратуры. 

Крыніца: https://nastgaz.by/

вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

Кантакты

e-mail: portal@adu.by 

Графік працы:
панядзелак-пятніца: 08:30–17:00,
абед: 13:00–13:30

Выкарыстанне матэрыялаў партала