.

МЕНЮ

.

Кітайскі студэнт пераклаў «Дзікае паляванне караля Стаха»

Новае імя сярод перакладчыкаў неўміручых твораў Уладзіміра Караткевіча — кітайскі студэнт Сунь ФАНЬЦІ, які вучыцца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. А некаторы час назад навучаўся ў адной з мінскіх школ. Спадар Сунь Фаньці пераклаў на кітайскую мову «Дзікае паляванне караля Стаха». Зробленая праца мае ўжо рэцэнзіі кітайскіх пісьменнікаў і прыхільна ўспрынята некаторымі прадстаўнікамі лінгвістычнай і літаратурнай супольнасці Паднябеснай, якія азнаёміліся з рукапісам перакладу. Кітайскае пераўвасабленне захапляльнага твора беларускага класіка перададзена да разгляду адносна выдання асобнай кнігай у Выдавецкі дом «Звязда», дзе, відавочна, і пабачыць свет. Магчыма, да рэалізацыі праекта спрычыніцца і кітайскі бок — і ў частцы падрыхтоўкі кнігі да друку і ў частцы яе распаўсюджвання.

Дарэчы, пераклад «Дзікага палявання караля Стаха» — не першы зварот Сунь Фаньці як перакладчыка да беларускай літаратуры. Малады творца пераклаў на кітайскую мову казку У. Караткевіча «Чортаў скарб», а таксама творы беларускіх пісьменніц Людмілы Рублеўскай, Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Гэтыя пераклады надрукаваны ў часопісе «Беларусь» (штомесячнік выходзіць на беларускай, англійскай і кітайскай мовах).

Крыніца: афіцыйны партал выдавецкага дома «Звязда» 

вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

Кантакты

e-mail: portal@adu.by 

Графік працы:
панядзелак-пятніца: 08:30–17:00,
абед: 13:00–13:30

Выкарыстанне матэрыялаў партала