Каб быць удастоенай такой высокай адзнакі, спатрэбілася амаль 10 гадоў, насычаных плённай працай. Сёння школа з’яўляецца структурным падраздзяленнем Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, цесна ўзаемадзейнічае з Пасольствам Кітая. Тут ёсць кабінет Канфуцыя, праводзіцца шмат мерапрыемстваў, прысвечаных культуры і гісторыі Паднябеснай, а кітайская мова з’яўляецца асноўнай замежнай.
Глабальныя змены ў школе пачаліся ў 2014 годзе, калі на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў было падпісана пагадненне «Аб супрацоўніцтве ў гуманітарнай сферы» паміж Рэспублікай Беларусь і Кітаем. Яны пацягнулі за сабой і лакальныя: дэлегацыя Пасольства Кітая наведала Оршу з мэтай наладзіць сувязі ў эканамічнай сферы.
Упраўленне па адукацыі Аршанскага райвыканкама правяло апытанне, мэтай якога было высветліць, колькі ў кожнай установе адукацыі Оршы ёсць жадаючых вывучаць кітайскую мову. Пасля апытання у кожнай школе сфарміравалі аб’яднанні па інтарэсах, заняткі ў якіх праводзіліся бясплатна.
Наступнай знакавай падзеяй для Аршанскай школы № 16 стала адкрыццё лінгафоннага кабінета, якое адбылося 1 красавіка 2017 года пры садзеянні Пасольства Кітая. Такі крок стаў высокай адзнакай дзейнасці ўстановы адукацыі па распаўсюджванні ведаў аб кітайскай культуры, а таксама дазволіў школьнікам вывучаць мову на больш высокім узроўні.
Не менш значным падарункам для школы стала бібліятэка «Зорка кітайскай мовы», у якой больш за паўтары тысячы кніг. У асноўным гэта вучэбна-метадычная літаратура, відэа- і аўдыяматэрыялы, якія можна выкарыстоўваць на занятках па кітайскай мове.
Паводле матэрыялаў сайта «Выдавецкі дом "Педагагічная прэса"»