Кітайскую мову ў навучальнай установе пачалі выкладаць у 2021 годзе. Цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры ў 2023 годзе стваралі і адкрывалі сумесна з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Як адзначыў дырэктар школы Мікалай Юр'евіч Мамедаў, адкрыццё цэнтра стала не проста амбіцыйнай задачай. У навучальнай установе з уласнымі музычна-харавымі, нацыянальнымі традыцыямі даўно хацелі пашырыць культурныя і адукацыйныя межы. А стварэнне цэнтра не абмяжоўвалася выкладаннем кітайскай мовы. Гэтая структура нацэлена і на правядзенне культурных мерапрыемстваў, што ў выніку спрыяе папулярызацыі кітайскай мовы і культуры Кітая ў Беларусі, умацаванню супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем у сферы адукацыі і культуры, а таксама паглыбленню сяброўства і ўзаемаразумення паміж народамі.
У 2025/2026 навучальным годзе кітайскую мову ва ўстанове адукацыі вывучае 86 навучэнцаў: 32 вучні 3-х, 4-х класаў – як асноўную замежную мову, 26 школьнікаў – на факультатыўных занятках і 28 чалавек з іншых устаноў адукацыі горада, а таксама дарослыя – на платнай аснове.
Для ажыццяўлення сучаснай адукацыйнай дзейнасці цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры валодае адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базай: абсталявана 15 асобных вучэбных месцаў для навучэнцаў і працоўнае месца для настаўніка, для рэалізацыі вучэбных мэт выкарыстоўваецца мабільны камп’ютарны клас з 11 ноўтбукамі і інтэрактыўнай дошкай. Цэнтр укамплектаваны вучэбнымі, метадычнымі, нагляднымі дапаможнікамі для вучняў і педагога.
Кіраўніком цэнтра з’яўляецца настаўніца замежнай мовы Алена Васільеўна Шамаева. Алена Васільеўна вучылася на спецыяльных двухгадовых курсах, пасля якіх афіцыйна стала выкладчыкам кітайскай мовы. Затым стажыравалася ў Кітаі, мае сертыфікат Цэнтра міжнародных моўных абменаў і супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі КНР.
Энтузіязм педагога і павышэнне прафесійных меж паспрыялі таму, што ў 2024 годзе яна атрымала прэмію Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітайскай Народнай Рэспублікі як лепшы настаўнік кітайскай мовы Беларусі ў 2024 годзе.
У мінулым годзе пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ўпершыню быў арганізаваны анлайн-лагер для навучэнцаў цэнтра. Выкладчыкі Далянскага політэхнічнага ўніверсітэта прапанавалі праграму па вывучэнні кітайскай мовы і культуры Кітая на тэму «Старажытная і сучасная культура, тысячы асоб за тысячы гадоў». На працягу першага тыдня ўдзельнікі лагера слухалі лекцыі ў прамым эфіры, выконвалі практыкаванні па кітайскай граматыцы і фанетыцы, расказвалі выкладчыкам з Кітая пра сябе, сям’ю, школу, будучую прафесію. Другі тыдзень лагера быў прысвечаны вывучэнню культурнага вопыту Кітая. Дзеці вывучылі чатыры тэмы па культуры: чайнае мастацтва, кітайская опера, адзенне і жывапіс. Пры навучанні ў анлайн-лагеры выкарыстоўвалася чатырохмерная інтэграваная мадэль «Умацаванне кітайскай мовы + лекцыі па культуры + рэальны вопыт + навучанне ў інтэрнэце».
Штогод навучэнцы цэнтра па запрашэнні Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфунцыя БДУ і Таварыства дружбы «Беларусь — Кітай» прымаюць удзел з творчымі нумарамі ва ўрачыстым канцэрце, прысвечаным Святу ліхтароў (кітайскі Новы год).
Крыніца: https://nastgaz.by/
