Да чароўнага і загадкавага свету кітайскіх іерогліфаў школьнікаў далучае выпускніца БрДУ імя А.С.Пушкіна і Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ Вікторыя Робертаўна Чураева.
Намаганнямі педагогаў і бацькоў абсталявалі спецыяльны кабінет з тэматычнымі стэндамі, вучэбнай і метадычнай літаратурай.
У дзяцей, якія вывучаюць кітайскую мову тры разы на тыдзень, цяжкасцей з яе засваеннем няма. Вікторыя Робертаўна выкарыстоўвае інтэрактыўныя формы работы і дыдактычныя матэрыялы (відэаролікі, мультфільмы). Кітайскія песенькі дазваляюць лепш засвоіць гукі і розныя тоны. А матываваць дзяцей і іх бацькоў дапамагае штогадовы ўдзел у свяце ліхтароў, які арганізоўвае Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ. Яго дырэктар Анатоль Тозік аказвае неабходную метадычную падтрымку, як і галоўнае ўпраўленне па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама на чале з Наталляй Анатольеўнай Каліноўскай, якая падарыла ўстанове кнігі, прывезеныя з КНР.
Для папулярызацыі мовы, культуры і традыцый Кітая ў школе праводзяцца шматлікія мерапрыемствы: дні кітайскай культуры, інтэрактыўныя гульні, фотавыставы, урокі каліграфіі, караоке… Акрамя таго, тут дзейнічае раённы рэсурсны цэнтр па вывучэнні кітайскай мовы. У Брэсцкім раёне яе выкладаюць таксама ў сярэдняй школе вёскі Страдзеч, праўда, пакуль факультатыўна.
У перспектывах кітайскай мовы ў сваёй школе скокаўскія педагогі не сумняваюцца. Цікавасць да яе з боку бацькоў і іх дзяцей не зніжаецца. Красамоўны доказ — дзве сям’і пабывалі ўжо ў Кітаі.
Крыніца: https://nastgaz.by/
