.

МЕНЮ

.

Як навучэнцы сярэдняй школы № 3 г.Любані наладжваюць сяброўскія стасункі з кітайскімі аднагодкамі

Дагавор аб супрацоўніцтве паміж сярэдняй школай № 3 Любані імя Г. Л. Сячко і кітайскай эксперыментальнай пачатковай школай замежных моў горада Чэнду быў падпісаны ў пачатку 2026 года. Гэта падзея стала чарговым крокам у развіцці міжнародных адукацыйных сувязяў установы, якая з'яўляецца адзінай у раёне школай, дзе вывучаюць кітайскую мову.

У рамках супрацоўніцтва адбыўся анлайн-урок, прысвечаны беларускаму святу «Дажынкі». Вучні 3–4-х класаў разам з педагогам Ірынай Куляшэўскай арганізавалі для сваіх сяброў з кітайскай школы майстар-клас па вырабе традыцыйнай восеньскай лялькі-багатухі — сімвала багацця і ўраджайнасці. Паколькі дзеці толькі пачынаюць вывучаць мову і яшчэ не могуць свабодна размаўляць, урок быў пабудаваны як практычны. Акрамя таго, школьнікам было цікава параўнаць беларускія «Дажынкі» з тым, як адзначаюць свята восені ў Кітаі. Напярэдадні навучэнцы наведалі ў БНТУ мерапрыемства, прысвечанае кітайскаму Святу сярэдзіны восені — Чжунцюцзе.

Каб падчас анлайн-заняткаў не ўзнікала праблем з разуменнем, з беларускага боку да сувязі далучыўся перакладчык ад Інстытута Канфуцыя ў БДУЗМ. З яго дапамогай напрыканцы сустрэчы беларускія і кітайскія дзеці пагутарылі і пазадавалі адно аднаму пытанні. Школьнікі з Паднябеснай цікавіліся беларускімі традыцыямі, папулярнымі відамі спорту і нават тым, наколькі багаты ўраджай бульбы сабралі сёлета ў Беларусі.

Па словах Ірыны Куляшэўскай, вопыт правядзення заняткаў, калі на цябе глядзяць некалькі соцень вачэй — у актавай зале кітайскай школы сабралося шмат людзей, — быў цікавым. Беларускіх навучэнцаў было каля двух дзясяткаў. Нягледзячы на першапачатковую скаванасць, усё прайшло вельмі душэўна.

Варта адзначыць, што восеньскі тэлемост быў не першым вопытам камунікацыі паміж школьнікамі дзвюх краін. Раней кітайскія калегі арганізавалі адкрытыя заняткі па баявым майстэрстве кунг-фу: любанскія навучэнцы ахвотна паўтаралі плаўныя і дакладныя рухі за замежнымі сябрамі. Такія мерапрыемствы не толькі пашыраюць моўныя веды школьнікаў, але і спрыяюць узаемаразуменню паміж культурамі, фарміруюць цікавасць да традыцый іншых народаў і ўмацоўваюць сяброўскія сувязі паміж навучэнцамі Беларусі і Кітая.

Крыніца: https://nastgaz.by/

вул. Караля, 16, 220004, г. Мінск

Кантакты

e-mail: portal@adu.by 

Графік працы:
панядзелак-пятніца: 08:30–17:00,
абед: 13:00–13:30

Выкарыстанне матэрыялаў партала