Па меры таго як мабільныя тэлефоны абсталёўваюцца ўсё больш магутнымі працэсарамі і ўсё больш буйнымі інтэрфейсамі з сэнсарным экранам, адпаведна павялічваецца і іх энергаспажыванне. І многія людзі часта сутыкаюцца з праблемай зарадкі сваіх тэлефонаў, асабліва ў час падарожжаў, адзначыў вядучы даследчык Ма Вэй.
«Нашым рашэннем гэтай праблемы з’яўляецца тэрмаэлектрычная прылада на аснове бутэлькі з вадой — крыніцы цяпла для выпрацоўкі электраэнергіі», — адзначыў эксперт, дадаўшы, што гэта вынаходніцтва не патрабуе ніякіх дадатковых крыніц энергіі.
На дэманстрацыйным відэа тэрмаэлектрычная прылада была ўбудавана ў донца бутэлькі, на якой ёсць USB-порт для зарадкі. Калі даследчык падключыў iPhone да бутэлькі з дапамогай кабеля, экран тэлефона паведаміў аб пачатку зарадкі.
«Мы выявілі, што бутэлька з 300-500 мілілітрамі кіпеню можа забяспечыць 20-30 хвілін электрычнасці», — адзначыў член даследчай групы Шэн Цзян. Гэтая прылада таксама можа забяспечваць электраэнергіяй ноўтбукі, фотаапараты і іншыя маламагутныя бытавыя прыборы.
Цяпер даследчыкі імкнуцца наладзіць супрацоўніцтва з прадпрыемствамі для камерцыйнага прымянення гэтага вынаходкі. Прадукт, хутчэй за ўсё, будзе каштаваць 23-30 долараў. Шэн Цзян запэўніў, што карысную прыладу будзе лёгка насіць з сабой, паколькі даследчыкі паменшылі вагу бутэлькі з дапамогай лёгкага цеплаізаляцыйнага матэрыялу, першапачаткова створанага для касмічных апаратаў, каб замяніць кантэйнер з нержавеючай сталі. Спецыяліст таксама падкрэсліў бяспеку вынаходкі, адзначыўшы, што яна дае ток малога напружання, выключаючы тым самым рызыку кароткага замыкання.
Крыніца: http://zviazda.by/be/news/20210221/1613854850-yak-zaradzic-mabilnik-z-dapamogay-kipenyu