У Цэнтры кітайскай мовы і культуры МДУ імя А.А. Куляшова ў анлайн-фармаце адбыўся дыялог культур з Цяньцзіньскім універсітэтам замежных моў (ЦУЗМ). Абмяркоўваліся магчымасці і перспектывы ўкладу ўстаноў адукацыі ў развіццё супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікай. Па-за ўвагай не засталіся і рэгіёны, праз якія і наладжваюцца гэтыя сувязі.
Рэалізацыя стратэгіі вывучэння кітайскай мовы ў Беларусі і беларускай мовы ў Кітаі мае свае вынікі, як, напрыклад, стварэнне ў ЦУЗМ Цэнтра Якуба Коласа пад кіраўніцтвам Вольгі Шахаб. Кітайскія студэнты з цікавасцю вывучаюць беларускую мову і становяцца запатрабаванымі спецыялістамі ў розных галінах. Актыўна рэалізуюцца міжнародныя адукацыйныя праграмы і распрацоўваюцца беларуска-кітайскія вучэбныя дапаможнікі.
МДУ імя А. А. Куляшова за апошнія гады ўнёс значны ўклад у папулярызацыю кітайскай мовы і культуры. Выкладчыкі-валанцёры з КНР сістэматычна праводзяць заняткі, майстар-класы і разнастайныя мерапрыемствы не толькі ў Цэнтры кітайскай мовы і культуры пад кіраўніцтвам Ліліі Зайцавай, але і на базе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Больш за 400 студэнтаў з Кітая завяршылі сваё навучанне ва ўніверсітэце па розных спецыяльнасцях.
Веды кітайскай мовы ў сучасным свеце вельмі запатрабаваны. Беларуска-кітайскае партнёрства дапамагае рэалізоўваць сумесныя праекты, пашыраць прафесійныя гарызонты і дае добрую магчымасць для самарэалізацыі кожнаму навучэнцу.
Наталля Пратасевіч,
кіраўнік адукацыйных праграм па вывучэнні кітайскай мовы,
дзяржаўная ўстанова адукацыі «Гімназія г. Мсціслава»