Арганізатарамі канферэнцыі выступілі Цяньцзінскі ўніверсітэт замежных моў (Кітай) і Нацыянальны інстытут адукацыі (Беларусь). Дарэчы, у Цяньцзінскім універсітэце замежных моў сярод іншых моў свету з 2017 года вывучаецца і беларуская, на тэрыторыі ўніверсітэта 18 верасня 2018 года быў урачыста адкрыты помнік народнаму паэту Беларусі Якубу Коласу.
Помнік Якубу Коласу на тэрыторыі Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў
Канферэнцыя праходзіла пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы з мэтай пашырэння і развіцця міжнароднага супрацоўніцтва абедзвюх краін (як вядома, 2019 год аб’яўлены Годам адукацыі Беларусі ў Кітаі). У рамках Фестываля беларускай культуры ў Цяньцзінскім універсітэце замежных моў разам з навуковай канферэнцыяй адбыліся і іншыя мерапрыемствы: ускладанне кветак да помніка Якубу Коласу, сумесны канцэрт «Вечар Беларусі і Кітая» з удзелам гурта «Ветах» (мастацкі кіраўнік Вячаслаў Калацэй), адкрыццё Цэнтра даследаванняў Беларусі імя Якуба Коласа.
На сумесным канцэрце «Вечар Беларусі і Кітая»
У канферэнцыі прынялі ўдзел навуковыя супрацоўнікі, выкладчыкі, дактаранты, аспіранты ўстаноў вышэйшай адукацыі, навуковых устаноў Беларусі і Кітая.
З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуліся рэктар Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў, доктар філалагічных навук, прафесар Чэн Фачунь, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, доктар эканамічных навук, прафесар Руды Кірыл Валянцінавіч, былы Пасол Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, доктар гістарычных навук Юй Чжэньць.
Вітальнае слова Рудага К.В.
На пачатку канферэнцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра даследаванняў Беларусі імя Якуба Коласа, які адразу ж папоўніўся кніжнымі выданнямі і беларускімі сувенірамі, падараванымі прысутнымі гасцямі з Мінска.
Цырымонія адкрыцця Цэнтра даследаванняў Беларусі імя Якуба Коласа
Ад Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Цэнтру даследаванняў Беларусі імя Якуба Коласа былі перададзены і з удзячнасцю прыняты беларускія нацыянальныя строі.
Дэлегацыя Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта
Удзельнікі канферэнцыі маглі пазнаёміцца з выставай, прысвечанай Якубу Коласу, а таксама з фотавыставай «Фокус на лю́бай Беларусі», што размясціліся ў фае ўніверсітэта.
На выставе, прысвечанай Якубу Коласу
Сярод беларускіх удзельнікаў на канферэнцыі выступілі:
Камароўская Зінаіда Мікалаеўна, дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь;
Зелянко Вольга Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па навукова-даследчай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, дацэнт;
Валочка Ганна Міхайлаўна, галоўны навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі, доктар педагагічных навук, прафесар, запрошаны прафесар Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў;
Трус Мікалай Валянцінавіч, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Полымя» (Выдавецкі дом «Звязда»), кандыдат філалагічных навук, дацэнт;
Куліковіч Уладзімір Іванавіч, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук, дацэнт;
Пашкевіч Уладзімір Вячаслававіч, прарэктар па вучэбна-выхаваўчай рабоце Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат педагагічных навук, дацэнт;
Воінава-Стрэха Марыя Міхайлаўна, начальнік аддзела міжнародных сувязей Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук;
Кныш Ларыса Сяргееўна, дацэнт кафедры беларускай мовы і літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, кандыдат філалагічных навук;
Пасюкевіч Ірына Леанідаўна, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Гімназія № 23 г. Мінска з беларускай мовай навучання»;
Шахаб Вольга Васілеўна, запрошаны прафесар Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў, кандыдат педагагічных навук, дацэнт;
Ігнатовіч Таццяна Уладзіміраўна, дацэнт Інстытута міжнароднага супрацоўніцтва і абмену Хэнаньскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій, кандыдат педагагічных навук, дацэнт.
Удзельнікі канферэнцыі
Прысутныя з цікавасцю паслухалі даклады пра творчасць Якуба Коласа ў сучаснай культурнай прасторы (Камароўская З.М.), шлях К. Міцкевіча (Я. Коласа) ад школьнага настаўніка да настаўніка народа (Пасюкевіч І.Л.), пра Коласа педагога і метадыста (Зелянко В.У.), ролю педагагічных ідэй Якуба Коласа ў сучасным школьным курсе беларускай мовы і пры навучанні беларускай мове як замежнай у Кітаі (Валочка Г.М.), выхаваўчы патэнцыял паэтычнай спадчыны Якуба Коласа (Пашкевіч У.В.), нацыянальнае і агульначалавечае ў «Казках жыцця» Я. Коласа (Воінава-Стрэха М.М.) і інш.
Пра літаратурную Беларусь як экскурсійна-турыстычны аб’ект і папулярызацыю культурнай спадчыны Беларусі сродкамі адукацыйнага турызму расказалі Шахаб В.В. і Кныш Л.С. Пра гастранамічныя густы беларусаў праз прызму коласаўскага тэксту з вопыту вывучэння на занятках па рускай мове як замежнай распавяла Ігнатовіч Т.У.
Падчас канферэнцыі
Даклад Труса М.В. быў прысвечаны ролі літаратурна-мастацкіх часопісаў, кнігавыдавецкай практыкі Беларусі ва ўмацаванні беларуска-кітайскага культурнага дыялогу ХХІ стагоддзя. Тыпалагічныя асаблівасці вучэбных выданняў Якуба Коласа разгледзеў Куліковіч У.І.
Падчас канферэнцыі
З вялікай цікавасцю прысутнымі былі выслуханы даклады кітайскіх калег. Так, сваімі ўражаннямі пра Музей Якуба Коласа падзяліўся Ван Сяньцзю, намеснік дырэктара Цэнтра даследавання Расіі Народнага ўніверсітэта Кітая – Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута сацыяльнага развіцця Цэнтра даследаванняў па пытаннях развіцця пры Дзяржсавеце КНР, былы саветнік Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь, запрошаны прафесар Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў.
Пра адлюстраванне духу часу, асабістае ўспрыманне беларускай культуры, а таксама дзейнасць мінскага музея Якуба Коласа, арыентаваную на замежных наведвальнікаў, паведаміў Бэй Вэньлі, дырэктар Цэнтра вывучэння Беларусі пры Усходне-Кітайскім педагагічным універсітэце, член Савета кіравання Шанхайскай асацыяцыі перакладчыкаў, член Савета кіравання Шанхайскай навуковай асацыяцыі вывучэння Расіі, Усходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі, былы першы сакратар па справах адукацыі Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
Падчас канферэнцыі
Чжан Пэйюань, магістр, выкладчык Шылінголскага прафесійнага каледжа, спыніла ўвагу на патрыятычных традыцыях Якуба Коласа ў паэтычнай творчасці кітайскіх студэнтаў, а выступленне аспіранта Усходне-Кітайскага педагагічнага ўніверсітэта Чжан Яньцзюнь было прысвечана аналізу студэнцкіх сачыненняў, напісаных пасля прачытання «Новай зямлі» ў перакладзе на рускую мову.
На развітанне з Паднябеснай беларуская дэлегацыя сфатаграфавалася на памяць каля помніка Якубу Коласу.
Удзельнікі канферэнцыі каля помніка Якубу Коласу на тэрыторыі Цяньцзінскага ўніверсітэта замежных моў
НІА